ШПОНАСТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

спецыялізаваны дрэварэзальны станок для атрымання шпоны метадам стругання загатовак. Загатоўка (ванчэс) — прамавугольны (у сячэнні) брус адпаведнай даўжыні, выраблены з камля, які апілоўваецца з чатырох бакоў і разразаецца ўздоўж на 2 роўныя часткі. Рэзальны інструмент (нож з прыціскной лінейкай) робіць зваротна-паступальны рух і пры кожным рабочым ходзе супарта зразае з ванчэсаў папярочныя стружкі (шпону) нязменнай таўшчыні. Ванчэсы падаюцца на таўшчыню шпоны пры дапамозе спец. механізма. Даўжыня нажа 3100—5500 мм, шырыня блока ванчэсаў 800—1200 мм, дыяпазон таўшчынь шпоны 0,025—6 мм. Ш.с. бывае верт. і гарыз. кампаноўкі.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)